Линдгрен Астрид
Лота (на белорусском языке)
Астрыд Лiндгрэн
Лота
Пераклад: С.Лузгiна, Т.Лукша
ЛОТА ХОЧА ВЫРАСЦI
Тата гаворыць, што калi не было ў хаце дзяцей, дык усюды быў мiр i спакой.
Шум пачаўся з той самай хвiлiны, калi троху падрос Джонас i пачаў калацiць сваёй бразготкай аб калыску.
Джонас - мой старэйшы брат. Мяне завуць Марыя, а маю маленькую сястру Лота. Звычайна Джонас быў асаблiва шумны ў нядзелю ранiцай, калi тата вельмi хацеў спаць. З часам Джонас рабiў усё больш шуму, i тата празваў яго Вялiкiм Шумам. Мяне ён назваў Маленькiм Шумам, бо я не такая шумлiвая, як Джонас. Я магу быць зусiм цiхай i сядзець моўчкi.
Калi ў нашай сям\'i з\'явiлася Лота, тата даў ёй мянушку Маленькi Арэшак, я i сама не ведаю чаму.
Мама называе нас сапраўднымi iмёнамi: Джонас, Марыя i Лота. Iншы раз яна, а таксама Джонас i Лота завуць мяне Мiа-Марыя.
Мартэнсаны - наша прозвiшча, i мы ўсе жывём у доме, пафарбаваным у жоўты колер.
Часам Лота злуецца, што яна не такая вялiкая, як мы. Нам дазваляюць хадзiць на плошчу самiм, а Лоце не.
Джонас i я ходзiм туды кожную суботу, каб купiць у краме цукеркi. Але мы заўсёды прыносiм цукеркi i Лоце, таму што так трэба рабiць.
Мiнулай вясной, у адну з субот, iшоў такi густы дождж, што нам трэба было б застацца дома. Але мы, узяўшы вялiкi парасон нашага таты, усё роўна адправiлiся за цукеркамi. Мы купiлi мятныя цукеркi i жвачкi, з якiх выдзiмалi маленькiя шарыкi. Калi мы вярталiся дамоў пад парасонамi i смакталi цукеркi, Лота назiрала за намi праз акно.
Няшчасная Лота! Iшоў дождж, i ёй не дазвалялi нават гуляць на вулiцы.
- I чаму гэтаму дажджу трэба iсцi? - спытала Лота.
- Каб гароднiна расла, i нам было б што есцi, - адказала мама.
- Але ж чаму трэба iсцi дажджу на плошчы? - спытаў Джонас. - Мо каб раслi цукеркi?
Гэта рассмяшыла маму.
Увечары, калi мы ўжо леглi спаць, Джонас сказаў мне:
- Даражэнькая Марыя, калi мы паедзем да бабулi з дзядулем, мы больш не будзем саджаць моркву на агародзе, мы лепш пасадзiм цукеркi.
- Але ж морква больш карысная для зубоў, - адказала я. - Мы маглi б палiваць iх, - я мела на ўвазе цукеркi, - маёй палiвачкай.
Мне было вельмi прыемна нават успамiнаць аб маёй маленькай, зялёненькай палiвачцы. Яна стаяла на палiцы ў падвале дома маiх бабулi i дзядулi ў вёсцы. Мы заўсёды жылi там летам.
Вы нiколi не здагадаецеся, што зрабiла Лота, калi мы былi там мiнулым летам. За клуняй знаходзiлася вялiкая куча гною. Мiстэр Джонас, дзядулеў памочнiк, раскiдваў гэты гной па зямлi, каб расла лепш гароднiна.
- Чаму патрэбна ўгнаенне? - спытала Лота.
- Усё расце лепш, калi яго раскiдаць па зямлi, - адказаў ёй тата.
- I трэба яшчэ, каб дождж пайшоў, - дадала Лота. Яна памятала, што гаварыла мама Джонасу, калi iшоў дождж у тую суботу.
- Правiльна, Лота. - Тата быў вельмi задаволены.
Апоўднi пачаўся моцны дождж.
- Цi бачыў хто-небудзь Лоту? - спытаўся тата.
Мы ўсе пацiскалi плячыма. Нiхто не бачыў яе ўжо даўно, i мы пачалi яе шукаць.
Спачатку мы шукалi яе ў хаце - у шафе, у паддашку, у падвале. Але Лоты не было нiдзе.
Тата расхваляваўся. Ён абяцаў маме глядзець за намi. \"Можа, яна на вулiцы?\" - падумаў ён.
Мы пайшлi да клунi. Мы абшукалi ўсе куточкi, злазiлi на вышкi, але Лоты не было нiдзе.
Потым мы паглядзелi за клуню. Вось яна дзе была. Пад дажджом, прамоклая наскрозь, яна стаяла ў сярэдзiне гнаявой кучы.
- Што ты тут робiш, Маленькi Арэшак? - усклiкнуў тата.
- Я хачу вырасцi i быць такой жа вялiкай, як Джонас i Марыя, - адказала Лота.
Часам Лота можа так дзяцiнiцца!
НАШЫ ГУЛЬНI
Кожны дзень Джонас i я распачынаем гульнi. Мы дазваляем Лоце гуляць з намi, калi яна ўжо ведае правiлы гульнi.
Але часам, калi мы гуляем у пiратаў, мы не хочам, каб Лота была з намi. Яна ўвесь час блытаецца пад нагамi i падае са стала, якi як быццам з\'яўляецца нашым караблём. Потым яна плача, скардзiцца, але зноў i зноў хоча гуляць з намi.
Гэтымi днямi Джонас i я гулялi ў пiратаў, i мы нiяк не маглi адчапiцца ад Лоты. Тады Джонас спытаў яе:
- Цi ведаеш ты, што трэба рабiць, калi гуляеш у пiратаў?
- Калi ты пiрат, ты ўзлазiш на стол, а потым саскокваеш з яго, - адказала Лота.
- Але ж можна зрабiць i лепш, - сказаў Джонас. - Запаўзцi пад ложак i цiха-цiха ляжаць там.
- Чаму? - спытала Лота.
- Ты толькi ляжыш там, прытвараючыся пiратам, i гаворыш увесь час: \"Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi\". Гэта якраз тое, што пiраты i робяць, - сказаў Джонас.
I Лота паверыла, што гэта сапраўды так. Яна забралася пад ложак i паўтарала: \"Хачу есцi, хачу есцi\".
Мы з Джонасам уладкавалiся на стале, якi быў нашым караблём, i паплылi, а Лота тым часам сядзела пад ложкам i бубнiла: \"Хачу есцi, хачу есцi\". Было нават больш цiкава сачыць за Лотай, чым гуляць у пiратаў.
У рэшце рэшт Лота спытала:
- Як доўга пiратам трэба сядзець пад ложкам, гаворачы гэтыя словы?
- Да калядаў, - адказаў Джонас.
Лота выпаўзла з-пад ложка:
- Я не хачу больш быць пiратам, таму што яны мне не падабаюцца.
Iншы раз Лота - добры памочнiк у нашых гульнях. Напрыклад, калi мы гуляем у анёлаў - у анёлаў-захавальнiкаў. Тады нам патрэбен хтосьцi, каго трэба абаранiць; мы абараняем Лоту. Яна ляжыць у сваiм ложку, а мы стаiм побач i размахваем рукамi, нiбы анёлы, якiя лятаюць i махаюць крыламi. Але Лоце гэтая гульня не падабаецца таксама, таму што яна зноў павiнна ляжаць цiхенька. Гэта тое ж самае, што яна робiць, калi мы гуляем у пiратаў, толькi на гэты раз ёй трэба ляжаць на ложку, а не пад iм.
Часам мы гуляем у бальнiцу. Джонас - урач, я - сядзелка, а Лота - хворае дзiця, якое зноў ляжыць у ложку.
- Зноў мне ляжаць у ложку, - сказала Лота, калi мы неяк папрасiлi яе пабыць хворай. - Я хачу быць доктарам i ўсунуць лыжку ў рот Марыi.
- Ты не зможаш быць доктарам, - сказаў Джонас, - таму што ты не ўмееш напiсаць рэцэпт.
- Што я не ўмею напiсаць? - спытала Лота.
- Рэцэпт - гэта тое, што пiша доктар. Ён гаворыць табе аб тым, як ты павiнна даглядаць за хворымi дзецьмi, - адказаў Джонас.
Джонас ужо навучыўся пiсаць друкаванымi лiтарамi, хаця ён яшчэ не ходзiць у школу. Чытаць ён таксама можа. Але мы не пойдзем у школу, пакуль нам не споўнiцца сем гадоў.
Аднак мы прымусiлi Лоту легчы ў ложак i прыкiнуцца хворай.
- Як ты сябе адчуваеш, мая маленькая дзяўчынка? - спытаў Джонас. Ён гаварыў, нiбы доктар, якi прыходзiць да нас, калi ў нас адзёр.
- Хачу есцi, хачу есцi, хачу есцi, - паўтарала Лота. - Я раблю выгляд, што я пiрат.
- Не дуры! - крыкнуў Джонас. - Спынiся! Мы не дазволiм табе гуляць з намi, калi ты будзеш рабiць такое глупства.
Лота супакоiлася i зноў стала \"хворай\". Яна нават дазволiла нам налажыць павязку на руку, а таксама i на грудзi. Скрозь павязку на грудзях Джонас пачуў, што сэрца было вельмi хворае. А калi ён засунуў лыжку ёй у горла, то аказалася, што i горла было вельмi i вельмi хворае.
- Прыйдзецца зрабiць ёй укол, - сказаў ён.
Аднойчы, калi Джонас быў хворы, доктар рабiў яму ўколы, i ён хутка ачуняў, i вось таму ён хацеў зрабiць укол Лоце. Ён узяў цыравальную iголку, якая была вельмi падобна на iголку доктара.
Але Лота не хацела нiякiх уколаў, - яна брыкалася, пiшчала:
- Не хачу я гэтых уколаў!
- Ну, дурненькая, мы ж не ўзапраўду, - адказаў Джонас. - Я ж не збiраюся ўтыкаць у цябе гэтую iглу, цi ж ты не разумееш?!
- Усё роўна не хачу ўколаў, - енчыла Лота.
I мы амаль што спынiлi гэтую гульню.
- Але ж я ўсё-такi выпiшу рэцэпт, - сказаў Джонас. Ён сеў за стол i алоўкам напiсаў друкаванымi лiтарамi на шматку паперы, але ж я не магла гэта прачытаць. Вось што там было: \"За хворай дзяўчынкай трэба даглядаць. Ёй павiнен зрабiць укол доктар Джонас Мартэнсан\".
Нам з Джонасам спадабалася гуляць у бальнiцу. А Лоце - не.
УПАРТАЯ ЛОТА
Наш тата вельмi смешны. Калi ён вяртаецца дадому з работы, Джонас, я i Лота сустракаем яго, i тата звычайна гаворыць: \"О, божа лiтасцiвы! Колькi ж гэта ў мяне дзяцей!\"
Аднойчы мы схавалiся за вешалкай i сядзелi там цiхенька, дык тата сказаў маме:
- Што гэта здарылася, чаму так цiха? Цi мае дзецi захварэлi?
Тут мы i выскачылi з рогатам.
- Вы ж не палохайце мяне так, - сказаў тата. - Калi я вяртаюся дадому, дык павiнен стаяць лямант i гоман, iнакш я буду непакоiцца.
Аднойчы два грузавiкi сутыкнулiся на вулiцы якраз насупраць нашага дома, i лязгат быў такi, што Лота прачнулася.
- Што зрабiў Джонас на гэты раз? - запытала яна спрасонку. Лота была ўпэўнена, што ўвесь шум i лязгат iдзе ад Джонаса.
Лота - такая маленькая, i ў яе такiя тоўсценькiя ножкi, што нам з Джонасам вельмi падабаецца цiскаць яе. Але ёй гэта зусiм не падабаецца.
Лоце не падабаецца шмат чаго. На мiнулым тыднi яна кашляла, i мама прымушала яе прыняць лякарства. Але Лота сцiснула рот i затрэсла галавой.
- Ты такая дурненькая, - сказаў ёй Джонас.
- Я не дурненькая, - адказала Лота.
- Ты дурненькая таму, што не п\'еш лякарства ад кашлю, - сказаў Джонас. Калi мне трэба было прымаць лякарства, я вырашыў адразу выпiць яго, i ўсё тут.
- А калi мне трэба прымаць лякарства, я адразу вырашаю не пiць яго, i ўсё тут, - адказала Лота.
Яна моцна-моцна сцiснула рот i пакруцiла галавой. Мама пагладзiла яе па галоўцы.
- Мая ты небарака, мая ты Лотачка, табе прыйдзецца ўвесь час ляжаць тут i кашляць.
- I добра, бо я зусiм не хачу спаць, - радасна адказала Лота.
Ведаеце, Лота ўвечары не хоча класцiся спаць. Я таксама не вельмi ахвотна раблю гэта. Але ў нашай мамы дзiўныя звычкi! Увечары, калi мы не хочам спаць, яна прымушае нас класцiся, а ранiцай, калi мы хочам спаць, яна прымушае нас уставаць.
Лоце, нарэшце, трэба было прыняць гэтае лякарства, бо на наступны дзень у яе пацякло з носа i яна стала кашляць яшчэ больш. Мама не дазволiла ёй выходзiць з дому. Яна папрасiла мяне схадзiць да Вулвэрса i купiць нешта для яе. Я хуценька пабегла. Калi ўжо была ля прылаўка i чакала прадаўца, нечакана ўвайшла Лота. З яе носа цякло яшчэ больш.
- Iдзi дадому, - сказала я.
- Не пайду, - адказала Лота. - Мне таксама падабаецца ў Вулвэрса.
Яна чхала i чхала, i нарэшце жанчына, якая стаяла побач з намi, спытала ў яе:
- У цябе ёсць насоўка?
- Ёсць. Але я не пазычаю яе незнаёмым, - адказала Лота.
Аднойчы мама павяла нас да дантыста - Джонаса, мяне i Лоту. Мама заўважыла маленькую дзiрачку ў адным з зубоў Лоты. Дантыст збiраўся запламбаваць яе.
- Калi ты добра сябе будзеш паводзiць у дантыста, я дам табе дзесяць пенсаў, - паабяцала мама Лоце.
Мама чакала нас у прыёмным пакоi, пакуль мы былi ў дантыста. Спачатку ён паглядзеў мае зубы, але ў мяне не было нiякiх дзiрак, i я пайшла да мамы ў прыёмны пакой. Мы доўга чакалi Джонаса i Лоту.
Нарэшце мама сказала:
- Дзiўна, што Лота не крычыць!
Праз хвiлiну адчынiлiся дзверы i выйшла Лота.
- Ты добра сябе паводзiла? - спытала мама.
- Ён вырваў зуб, - адказала Лота.
- I ты не плакала? Якая ж ты смелая дзяўчынка!
- Не, я не плакала, - адказала Лота.
- Ты сапраўды вельмi паслухмяная дзяўчынка, - сказала мама. - Вось твае дзесяць пенсаў.
Лота ўзяла дзесяць пенсаў i паклала iх у кiшэню. Яна была вельмi задаволена.
- Дай я зiрну, можа, кроў цячэ? - запыталася я.
Лота разявiла рот, i я вельмi здзiвiлася:
- Ён жа не вырваў нiводнага зуба!
- Не, вырваў... у Джонаса, - адказала Лота.
Потым выйшаў Джонас з дантыстам.
- Я нiчога не мог зрабiць з вашай маленькай дзяўчынкай, яна так i не адкрыла рот, - сказаў дантыст.
- Нам усюды i заўжды сорамна за гэтае дзiця, - сказаў Джонас, калi мы iшлi дадому.
- Але ж я яго зусiм не ведаю, - сказала Лота. - Чаму я павiнна адкрываць рот перад тым, каго я не ведаю?!
Тата заўсёды гаворыць, што Лота ўпартая, як стары мул.
МIСIС БЕРГ
Мiсiс Берг - наша суседка. Нам вельмi падабаецца гасцяваць у яе. Памiж яе садам i нашым - плот, якi мы з Джонасам пералезцi можам, а Лота не. Але сабака мiсiс Берг вырыў яму пад плотам, i Лота магла прапаўзцi там.
Гэтымi днямi мы былi ў мiсiс Берг. У яе ёсць камода з маленькiмi шуфлядкамi, якiя напоўнены цiкавымi рэчамi.
- Мiсiс Берг, дазвольце, калi ласка, паглядзець на гэтыя цiкавыя рэчы, папрасiў Джонас.
- Добра, - адказала яна i паказала ляльку, з якой яна гуляла, калi была яшчэ маленькай. Ляльку звалi Роза.
Мiсiс Берг - вельмi старая, але ж не такая старая, якой яе ўяўляе сабе Лота.
- Цi бралi вы Розу з сабой у Ноеў каўчэг? - спыталася Лота.
Нядаўна тата расказваў нам пра Ноеў каўчэг i пра тое, як стары Ной пабудаваў вялiзную лодку, якая i звалася каўчэгам. А потым, на працягу некалькiх тыдняў, iшоў моцны дождж, i ўсе людзi, хто не быў з Ноем у лодцы, патанулi. Гэта здарылася шмат вякоў таму назад.
Мiсiс Берг засмяялася i адказала:
- Лота, даражэнькая, я не была ў Ноевым каўчэгу!
- Як жа тады здарылася, што вы не патанулi? - спыталася Лота.
Потым мiсiс Берг паказала нам, як яна зрабiла з адной з шуфлядак ложак для Розы. Матрац быў зроблены з ружовай тканiны, а коўдра - з зялёнага сацiну. На Розе была блакiтная вопратка.
У другой шуфлядцы я ўбачыла маленькi шкляны кошык з ружовымi кветачкамi ў iм.
- Можна, мы пагуляем з Розай i з гэтым кошыкам? - спыталася Лота.
Мiсiс Берг дазволiла, i мы павесiлi гэты кошык на руку Лоце, як быццам яна - Чырвоная Шапачка, якая iдзе да сваёй бабулi i нясе ёй ежу i бутэльку з сокам. На пiянiна стаяла ваза з цукеркамi. Цукеркi былi падобны на бутэлечкi i закручаны ў блiскучыя паперкi.
Мы паклалi ў кошык адну з цукерак, а таксама разынкi i мiндаль, якiя нам дала мiсiс Берг. Сабака мiсiс Берг, Скоцi, быў ваўком. Я была бабуляй, а Джонас быў паляўнiчым, якi прыйдзе i заб\'е ваўка.
- А што мне рабiць? - закрычала Лота. - Цi ж вы не хочаце, каб я была кiмсьцi?
Мы далi Лоце Розу i шкляны кошык i сказалi, што трэба рабiць Чырвонай Шапачцы. Але калi Чырвоная Шапачка прыйшла да бабулi - а гэта была гасцiная мiсiс Берг, - у кошыку не было ўжо нi разынак, нi мiндаля.
- А дзе ежа для бабулi? - спытаў Джонас.
- Роза з\'ела, - адказала Лота.
Пасля гэтага Джонас не хацеў больш гуляць з Лотай у Чырвоную Шапачку. А Скоцi стамiўся прыкiдвацца, што ён збiраецца з\'есцi бабулю. Джонас вiсеў на iм увесь час, а Скоцi вiляў хвастом i нарэшце збег. Ён запоўз пад канапу i час ад часу выглядваў адтуль i гаўкаў. Скоцi заўсёды падабаецца, калi мы прыходзiм да мiсiс Берг.
Потым мы перагледзелi ўсе астатнiя рэчы ў шуфлядках мiсiс Берг. Там быў iгольнiк з чырвонага сацiну, як сэрца, i маленькая карцiна ў залатой раме, дзе быў намаляваны прыгожанькi анёл з доўгiмi валасамi. У яго былi вялiкiя крылы, а апрануты ён быў у белую кашулю. Лоце падабаюцца малюнкi, мне таксама.
- Як жа гэта анёл змог апрануцца ў кашулю? У яго ж крылы. - Хацела ведаць Лота.
- Можа, ззаду ў кашулi ёсць маланка? - спытаў Джонас.
Мiсiс Берг зрабiла для нас вафлi. Калi мы прыходзiм да яе, яна заўсёды частуе нас вафлямi.
- Сёння цёплы веснавы дзень, i вы можаце есцi вафлi з гарачым шакаладам у садзе, - сказала яна.
Мiсiс Берг пайшла ў кухню, а мы засталiся ў гасцiнай. Было горача, i вокны былi адчынены. Джонас i я высунулiся з акна, i Джонас кiнуў мне шарык, што быў у яго кiшэнi. Я кiнула гэты шарык Джонасу. Так мы i кiдалi яго адзiн аднаму, пакуль я не ўпусцiла яго i ён не пакацiўся па лужку. Потым Джонас сказаў, што нам трэба паглядзець, хто з нас можа далей высунуцца з акна. Мы высунулiся так далёка, як маглi, i раптам Джонас вывалiўся. Я вельмi спалохалася. Мiсiс Берг спалохалася таксама. Яна прыбегла, калi Джонас перакулiўся.
- Джонас! - закрычала яна.
Джонас сядзеў з вялiзным гузам на лбе.
- Як гэта здарылася? - спытала мiсiс Берг.
- Мiа-Марыя i я спрачалiся, хто можа далей высунуцца з акна, i я перамог, - адказаў ён.
У той час, калi мы з Джонасам высоўвалiся з акна, Лота знайшла вязанне мiсiс Берг, якое ляжала на канапе. Мiсiс Берг вяжа свiтэры i прадае iх. Дык гэта Лота выцягнула пруткi i распусцiла ўсё вязанне мiсiс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная нiткамi.
- Лота, што ты нарабiла? - закрычала мiсiс Берг.
- Я вяжу сабе свiтэр, - адказала Лота. - I паглядзiце, якая хвалiстая шэрсць.
Мiсiс Берг сказала, што было б лепей, калi б мы пайшлi ў сад i з\'елi нашыя вафлi, а потым пайшлi дадому.
Мы сядзелi ў садзе мiсiс Берг, пiлi шакалад i елi вафлi з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есцi вафлi i кармiць вераб\'ёў крошкамi!
Вельмi хутка мiсiс Берг зноў сказала, что нам пара iсцi дадому. Джонас i я пералезлi цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзiрку. Мы пайшлi ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.
- Рыба, - адказала мама.
- А здорава, што мы з\'елi так многа вафляў, - прамармытаў Джонас.
- Дык вы былi ў мiсiс Берг? - спытала мама. - Цi рада яна была бачыць вас?
- Вядома, - адказаў Джонас. - Яна была рада два разы: першы раз, калi мы прыйшлi, а другi - калi развiталiся.
Сапраўды, мiсiс Берг - гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалi.
МЫ ЕДЗЕМ НА ПIКНIК
Аднойчы тата сказаў:
- У нядзелю мы едзем на пiкнiк!
- Ур-а-а! - закрычалi Джонас i я.
- Ура пiкнiку! - крыкнула Лота.
У нядзелю мама ўстала вельмi рана i зрабiла бутэрброды i аладкi. Яна таксама налiла гарачы шакалад у адзiн з тэрмасаў для нас, каву - у другi для сябе i таты. Лiманад мы таксама збiралiся ўзяць з сабой.
Тата падагнаў машыну да дзвярэй.
- А зараз давайце паглядзiм, як мы зможам уцiснуцца ў гэтую лялечную машыну, - сказаў ён. - Як жа мы зможам знайсцi месца для мамы, Вялiкага Шуму, Маленькага Шуму, Маленькага Арэшка, дваццацi шасцi аладак, ды я яшчэ не ведаю, колькi бутэрбродаў?
- I Бэмсi, - сказала Лота.
Бэмсi - гэта вялiкае, ружовае, зробленае з матэрыi парасё, якога Лота валачэ за сабой усюды. I думае, што гэта мядзведзь, i таму клiча яго Бэмсi-медзведзяня.
\"Гэтае парасё заўсёды было парасём!\" - настойлiва гаварыў ёй Джонас.
Вось i зараз Лота плача i гаворыць, што гэта медзведзяня.
- Мядзведзi не бываюць ружовыя, - спрачаецца Джонас. - Дарэчы, Лота, ён палярны цi звычайны мядзведзь?
- Гэта мядзведзь, у якога колер такi ж самы, як у парасяцi, - адказвае Лота.
Лота, натуральна, хацела, каб яе ружовы мядзведзь паехаў з намi на пiкнiк. Таму калi мы ўсе ўладкавалiся ў машыне, яна раптам спытала:
- Мама, а цi могуць свiннi мець дзяцей?
- Ты маеш на ўвазе Бэмсi цi сапраўдных свiней? - спытала мама.
Лота адказала, што яна гаворыць пра сапраўдных свiней, а не пра Бэмсi. Тады мама растлумачыла, што сапраўдныя свiннi могуць мець дзяцей.
- Зразумела, не могуць, - сказаў Джонас.
- Але ж ты добра ведаеш, што могуць, - адказала мама.
- Немагчыма, каб яны мелi дзяцей, - зноў заспрачаўся Джонас. - У iх могуць быць толькi маленькiя парасяты.
Мы ўсе засмяялiся, i тата заўважыў, што Вялiкi Шум, Маленькi Шум i Маленькi Арэшак - самыя разумныя дзецi, якiх яму даводзiлася сустракаць.
Мы ўсё ехалi i ехалi, пакуль не дабралiся да невялiчкага возера. Тата пакiнуў машыну на дарозе ў лесе, а мы ўсе дапамаглi несцi рэчы для пiкнiка да возера.
Доўгi мол спускаўся ў ваду, i Джонас з Лотай хацелi дайсцi да канца гэтага мола, каб паглядзець, цi ёсць у возеры рыба. Мама села на траву i сказала тату:
- Я збiраюся ляжаць увесь дзень i не варушыцца. Ты сам паклапацiся аб дзецях.
Тата пайшоў з намi да канца мола. Мы леглi на жываты i сталi сачыць за тым, як у вадзе мiтусiлiся маленькiя рыбкi. Тата зрабiў нам вуды з доўгiх галiнак i прыладзiў да iх кручкi. Мы сталi вудзiць рыбу. Але ж, на жаль, мы нiчога не злавiлi.
Потым мы пайшлi ў лес. Мацi папярэдзiла нас, каб мы не хадзiлi вельмi далёка.
Мы ўбачылi, як птушка лётае каля куста. Калi мы падышлi блiжэй, мы разгледзелi птушынае гняздо з чатырма блакiтнымi яйкамi. Гэта былi найпрыгажэйшыя яйкi, якiя я калi-небудзь бачыла. Лота ўсё хацела застацца тут i яшчэ паглядзець на гняздо. Яна трымала Бэмсi так, каб ён таксама мог усё добра бачыць. Але Джонас i я знайшлi вельмi цудоўнае дрэва, на якое можна было б залезцi, i прымусiлi Лоту пайсцi з намi.
Нi я, нi Джонас не баiмся лазiць па дрэвах, а Лота баiцца, таму нам прыйшлося дапамагчы ёй узбiрацца наверх.
Потым яна пачала хныкаць:
- Знiмiце мяне, знiмiце мяне!
Калi яна была ўжо ўнiзе, дык сярдзiта паглядзела ўверх на дрэва i сказала:
- Толькi звар\'яцелыя людзi залазяць на такое дрэва!
Мы не дабралiся да самага верху, калi мама пазвала нас есцi, i мы паляцелi да возера. Мама паслала абрус на траве, вылажыла на яго бутэрброды, аладкi i ўсё астатняе. Яна нават паставiла ў сярэдзiне вазачку з люцiкамi.
Мы ўсе селi на траву i пачалi гаварыць, што лепей есцi тут, а не ў сталовай дома. Аладкi былi вельмi смачныя, таму што мы клалi на iх джэм. Бутэрброды былi цудоўнымi таксама. Мне спадабалася смачнае мяса, а Джонасу яйкi i камса, i мы iмi абменьвалiся. А Лоце спадабалася ўсё, i яна нi з кiм не дзялiлася, ды акрамя таго, яна заўсёды была галодная. Яна адмовiлася есцi толькi аднойчы, i гэта здарылася, калi Лота захварэла. Тады мама была вельмi занепакоена тым, што Лота нiчога не ела. Аднойчы вечарам, у час малiтвы, яна сказала: \"I дарагi Божа, зрабi так, каб я захацела есцi зноў, але толькi не пiражкi з сёмгай!\"
У нас у кожнага была бутэлька лiманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласцi пяску ў лiманад, i калi мы спыталi яе, чаму яна так зрабiла, яна адказала:
- Я хачу толькi паспытаць яго на смак.
Пасля абеду тата распластаўся на траве.
- На сонцы так хораша, што я крыху ўздрамну, - сказаў ён. - А вы, дзецi, пакуль што паклапацiцеся аб сабе самi. Але памятайце, што вам забаронена хадзiць на мол!
Мы не пайшлi на мол. Трошкi далей, блiжэй да возера, быў вялiкi абрыў. Мы забралiся на яго, таму што Джонас хацеў паказаць, як нырае тата.
- Ён гэта робiць вось так, - сказаў Джонас, выцягваючы рукi ўперад i падскокваючы.
Калi мы пачалi нешта ўсведамляць, Джонас быў ужо ў вадзе. Хаця ён, вiдаць, не хацеў гэтага. А горш за ўсё было тое, што мама не дазволiла нам гуляць каля вады, таму што было занадта холадна. Але ён упаў у ваду, як камень. Лота i я ўскрыкнулi. Я знайшла доўгую палку, якая ляжала на абрыве, i калi Джонас паказаўся на вадзе зноў, ён ухапiўся за яе. А Лота толькi смяялася. Адразу ж прыбеглi мама i тата. Тата выцягнуў Джонаса з вады.
- Божа мой, Джонас, што ж ты робiш? - спытала мама.
- Ён толькi хацеў паказаць нам, як нырае тата, - сказала Лота. Потым яна засмяялася зноў, таму што мокрыя штаны Джонаса здалiся ёй вельмi смешнымi.
Джонасу прыйшлося зняць з сябе ўсю адзежу, а мама павесiла яе на дрэва, каб яна прасохла. Але ж адзежа была яшчэ мокрая, калi нам трэба было вяртацца дадому, таму Джонасу прыйшлося сядзець у машыне захiнутым у коўдру.
Лоце ўсё здавалася смешным. Але раптам яна перастала смяяцца. Яна не магла знайсцi Бэмсi. Мы шукалi яго ўсюды. Але ён знiк. Мама сказала, што нам, вiдаць, прыйдзецца паехаць без яго, i ад гэтага Лота ўскрыкнула яшчэ мацней, чым тады, калi Джонас упаў у возера.
- Бэмсi, можа, правядзе цудоўную ноч у лесе адзiн, - сказаў тата. - Заўтра я вярнуся сюды i пастараюся знайсцi яго.
Аднак Лота ўсё плакала i плакала:
- А можа, раптам злая старая ведзьма прыйдзе i напалохае яго?!
- Калi Бэмсi сустрэне ведзьму, то, можа, менавiта яна, а не ён спалохаецца, - супакойваў тата.
- Цi можаш ты ўспомнiць, калi ты апошнi раз трымала ў руках Бэмсi? спытала мама.
Лота паспрабавала ўспомнiць.
- У дванаццаць гадзiн, - сказала яна.
Але паколькi Лота не арыентавалася ў часе, вядома, гэта была вялiкая хлусня.
Тата гаворыць, што наша Лота - гэта такi Маленькi Арэшак, якi гаворыць усё, што прыходзiць яму ў галаву.
Раптам я ўспомнiла, што Лота трымала Бэмсi, калi мы назiралi за птушыным гняздом. Мы ўсе разам пайшлi да дрэва, i там, побач з гняздом, сядзеў Бэмсi.
Лота падхапiла яго, пацалавала ў нос i сказала:
- Дарагi Бэмсi, ты ўвесь час сядзеў i глядзеў на гэтыя блакiтныя яйкi?!
- Няшчасная мама-птушка, вiдаць, не асмелiлася падляцець да сваiх яек увесь дзень, - сказаў Джонас. - Ружовыя мядзведзi часам бываюць самымi лепшымi пудзiламi.
- Бэмсi нiчога не кранаў, - сказала Лота. - Ён толькi сядзеў i глядзеў на яйкi.
Мы ўсе селi ў машыну i паехалi дадому. Джонасу прыйшлося сядзець усю дарогу ўхутаным у коўдру.
У той вечар тата i мама прыйшлi ў наш пакой, каб сказаць нам добрай ночы. Тата нахiлiўся над ложкам Лоты. Побач з ёй ляжаў Бэмсi. Тата сказаў:
- Ну што, Маленькi Арэшак, што табе спадабалася больш за ўсё? Iду ў заклад, вiдаць, тое, што мы знайшлi Бэмсi.
- Не, лепш за ўсё было тое, што Джонас упаў у возера, - адказала Лота.
МЫ ЕДЗЕМ ДА БАБУЛI З ДЗЯДУЛЕМ
Летам мы з мамай ездзiм у вёску да бабулi i дзядулi. Тата едзе з намi, калi ў яго адпачынак. Мы едзем цягнiком, таму што мама не можа вадзiць машыну.
- Старайцеся добра сябе паводзiць у дарозе i не турбаваць мацi, - сказаў тата.
- Мы павiнны добра паводзiць сябе толькi ў цягнiку? - удакладнiў Джонас.
- Не, усюды, - адказаў тата.
Калi цягнiк крануўся, тата памахаў нам рукой, i мы махалi яму ў адказ.
У купэ мы былi амаль што адны, толькi ў апошнi момант у купэ ўцiснуўся нейкi пажылы чалавек. Лота трымала Бэмсi, а я сваю самую вялiкую ляльку, якую звалi Мод Iвон Марлен. У пажылога джэнтльмена была на падбародку бародаўка, i калi ён выйшаў у калiдор, каб паглядзець з акна, Лота выразна прашаптала мацi:
- У гэтага старога чалавека ёсць бародаўка на падбародку.
- Цiха, - сказала мама. - Ён можа пачуць цябе.
Лоту гэта здзiвiла, i яна сказала:
- А хiба ён не ведае, што ў яго ёсць бародаўка на падбародку?
Увайшоў кандуктар, каб сабраць бiлеты. У нас было толькi два бiлеты: адзiн для мацi, другi для Джонаса i мяне.
- Колькi гадоў гэтай дзяўчынцы? - спытаў кандуктар, паказваючы на мяне.
Я адказала, што хутка мне будзе шэсць. Ён не спытаў, колькi гадоў Лоце, таму што было вiдаць, што яна яшчэ занадта маленькая, каб мець бiлет. Да пяцi гадоў бiлет не патрэбны ў тых мясцiнах, дзе мы жывём. Але ж Лота сказала яму:
- Мне чатыры гады, маме - трыццаць два. А гэта - Бэмсi.
Кандуктар засмяяўся ў адказ i сказаў:
- На гэтым цягнiку ўсе Бэмсi могуць ехаць без бiлетаў.
Спачатку мы сядзелi вельмi цiха i глядзелi ў акно. Але неўзабаве мы стамiлiся ад гэтага. Джонас i я выйшлi ў калiдор i пайшлi ў суседняе купэ, дзе пачалi гаворку з людзьмi. Час ад часу мы вярталiся да мамы, каб яна не хвалявалася. Мама была занята тым, што расказвала Лоце цiкавыя гiсторыi, каб Лота сядзела цiха. Яна не хацела, каб наша малая выходзiла ў калiдор, бо нiкому не вядома, што можа зрабiць Лота ў наступную хвiлiну.
- А зараз раскажы мне пра двух казлоў, iнакш я пайду ў калiдор, - гаварыла Лота пасля чарговай мамiнай гiсторыi.
У абед мы елi бутэрброды i пiлi лiманад. Лота ўзяла кавалачак кiлбасы з свайго бутэрброда i прыляпiла яго да акна. Мама вельмi раззлавалася на яе.
- Лота, навошта ты прыляпiла кiлбасу да акна?
- Таму што яна трымаецца на акне лепш, чым шарыкi з мяса, - адказала Лота.
Тады мама сапраўды раззлавалася на яе. Вядома, прыйшлося ж доўга церцi тое акно, каб яно зноў стала чыстым.
Калi цягнiк спынiўся на адной станцыi, Джонас вырашыў, што i мне i яму трэба выйсцi, каб глытнуць свежага паветра. Мы нiяк не маглi адчынiць дзверы, аднак нейкая жанчына дапамагла нам.
- Вы выходзiце на гэтай станцыi? - спытала яна.
- Так, - адказалi мы. Але мы хацелi толькi на хвiлiнку выйсцi на гэтым прыпынку, а потым збiралiся вярнуцца.
Мы пакiнулi наш вагон, пайшлi ўздоўж усяго цягнiка i селi ў апошнi вагон. Пасля мы пайшлi па ўсiм цягнiку да нашага купэ. Мама i жанчына, якая дапамагла нам адчынiць дзверы, размаўлялi з кандуктарам. Мама плакала:
- Але вы павiнны спынiць цягнiк. Мае дзецi выйшлi!
- Мама, мы вярнулiся! - крыкнуў Джонас, калi мы падбеглi да яе.
Потым мама пачала плакаць зноў, а жанчына, якая дапамагла нам адчынiць дзверы, накрычала на нас. Я, вiдаць, нiколi не зразумею чаму. Яна ж была адзiная, хто дапамог нам сысцi з цягнiка.
- А зараз iдзiце ў купэ, сядзiце там i не варушыцеся, - загадала мама.
Але ў купэ не было Лоты.
- Дзе Лота? - спыталася я.
Мама амаль што зноў пачала плакаць.
У рэшце рэшт мы знайшлi Лоту ў купэ, якое было вельмi далёка ад нашага. Яна была вельмi занята тым, што расказвала нейкую гiсторыю вялiкай колькасцi людзей. У той момант, калi мы падышлi, яна гаварыла:
- У нашым купэ едзе чалавек, у якога на падбародку ёсць бародаўка, але ён пра гэта не ведае.
Мама схапiла Лоту i штурхнула яе назад у наша купэ. А пасля ўсяго нам давялося сядзець i не варушыцца, таму што мама была вельмi i вельмi сярдзiтая на нас. Яна сказала, што было б лягчэй пасвiць статак дзiкiх быкоў, чым глядзець за намi.
Слова \"бык\" нагадала мне, што я ўбачу маленькiх бычкоў у бабулi з дзядулем, i мне стала радасна. Калi мы прыехалi на нашу станцыю, мы ўзялi таксi, каб дабрацца да бабулi з дзядулем.
Яны ўжо стаялi на ганку i махалi нам рукамi. Iхнi сабака Лукас брахаў i скакаў. Усё наваколле пахла летам.
- Калi ласка, мая даражэнькая! - сказала бабуля.
- Некалькi даражэнькiх, - прамармытала мама.
- Заўтра мы зможам пакатацца на Блэкi, - сказаў дзядуля.
- Пойдзем у клець, i я пакажу вам кацянят Муролы, - гаварыла бабуля.